Ідэя. Замкненыя сістэмы неканкурэнтныя, нават калі ім удаецца прыцягнуць на свой бок уплывовых інвестараў, крэдытораў і авантурыстаў. Альтэрнатыву, як і шчасце не шукаюць, ад яе адштурхоўваюцца.
Замкненыя сістэмы маюць вялікія амбіцыі, бо абапіраюцца на закон і кантралюемы парадак. Законнасць, норма, цана з’яўляецца падмуркам эффектыўнасці любой замкненай арганізацыі. Праз законнае размеркаванне "унутранага” і нейтралізацыю "знешняга” можна адчуць сябе гаспадаром тэрыторыі. Знешнее – гэта заўседы стыхія, хаос, пагроза бяспецы, верагодны крызіс, патэнцыйная апазіцыя, таму небяспечным "знешнім” робіцца любая субстанцыя, якая дрэнна стасуецца з законам. "Знешнее марыць стаць унутранным” – так разважаюць адэпты стабільнасці і парадку. Таму "унутранаму” трэба абараняцца, вырабляць антыкрызісныя меры, перацягваць знешніх агрэсараў у склад іерархіі.